ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,
лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.
т. 15, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)